Адукацыя, бізнэс. Шукаем судакрананне! | Лiпень.PRO

Адукацыя, бізнэс. Шукаем судакрананне!

“Вучуся ў Інстытуце бізнэсу. Вучаць мяне чаму заўгодна, але толькі не бізнэсу”, – кажуць студэнты гэтай установы. Што рабіць, калі сфера бізнэсу магніціць, задумкам і прадпрымальным ідэям цесна жыць у галаве, а выйсця не відаць? Пра тое, якой мусіць быць бізнэс-адукацыя, што патрэбна для яе “прышчэпкі” ў Беларусі і як трапіць у кола тых, з кім цябе падхопіць агульная хваля памкненняў, мы пагутарылі з Глебам Герасімовічам – сузаснавальнікам моладзевага бізнэс-форума Лiпень.PRO.

На мой непрафесійны погляд, паспяховы бізнэсовец – гэта не толькі чалавек, які атрымаў адпаведную адукацыю. Гэта асоба, у якой жылі неабходныя якасці, якія “ўзраслі” дзякуючы якраз адукацыі. Што неабходна выхоўваць у сабе, каб пасля звязаць сваё жыццё з бізнэсам?

У першую чаргу, варта зразумець, што прадпрымальніцтва – гэта квіток у адзін канец. Гэта той шлях, які зменіць мысленне адзін раз і назаўсёды. Ён грунтуецца на стварэнні, павелічэнні каштоўнасці і кошту. У першую чаргу, каштоўнасці сябе. Важна адразу скінуць ружовыя акуляры і ўсвядоміць, што дарога не будзе простай. Каб стаць прафесіяналам, давядзецца шмат разоў памыліцца, усвядоміць, узважыць, перажыць і, вядома, увабраць у сябе новыя веды, уменні і падыходы.

Думаю, не адкрыю страшную таямніцу – прафесіяналамі не нараджаюцца, неабходныя якасці набываюцца толькі упартай працай над сабой. Бываюць, вядома, выключэнні, але на тое яны так і завуцца, каб пацвярджаць правілы. Пра іх можна даведацца са шматлікіх кніг-біяграфій.

Якія якасці, напрыклад, характэрныя для журналіста? Дазволю сабе адказаць – быць адкрытым, цікаўным, умець знайсці падыход для людзей, убачыць сутнасць і сфармаваць каштоўны прадукт для свайго чытача-гледача. Тое самае, я думаю, можна сказаць і пра прадпрымальніка.

Займацца прадпрымальніцтвам можна самому, максімум уключаючы ў гэтую справу сям’ю. Гэта вельмі папулярная форма, якая пераважае ў свеце. Малыя сямейныя кампаніі, прыватнае прадпрымальніцтва фарміруюць каля 50% ВУП развітых краінаў. Стартапы, як правіла, начынаюць свой шлях з таго, што заснавальнікі ўсё робяць самі. Але ў пэўны момант справа можа пайсці ў рост, і вось тут спатрэбіцца ўжо якасна новыя веды, уменні і навыкі. Неабходна вывучаць навуку кіравання. І тут жа здарыцца яшчэ адзін пераход, калі ўчорашні прадпрымальнік, які працаваў адзін ці на сябе, разумее, што мусіць кіраваць іншымі. Гэта новая вяршыня, і я ўпэўнены, што ёй можна кінуць выклік праз засваенне новай веды. Гэта цэлая сістэма, і каб яе спазнаць, трэба ўзяць з сабой шмат цярпення, упартасці і гатоўнасцю да расчараванняў. Каб не сканчаць на невяселым, працытую словы аднаго бізнэсоўца: “Чалавек каштуе столькі, колькі грошай ён… згубіў”.

Як прадпрымальнікаў адукоўваюць за мяжой?

Яны там вучацца самі. Ведаеце, што мяне ўзрушыла, калі я быў у адным з універаў ЗША? Мы прыйшлі на сустрэчу з групай звычайных студэнтаў першага альбо другога курсу і спыталі, хто з іх працуе. Руку ўверх пацягнулі амаль усе. Другое пытанне было (яго падказаў выкладчык) – колькі чалавек працуе ў двух месцах адначасова. Засталася палова рук. Як вы думаеце, які вынік будзе ў нас?

Калі казаць пра навуку кіравання – мэнэджмент, то існуюць розныя школы і плыні з глыбокім фундаментальным базісам і гісторыяй. Цэнтрамі навучання з’яўляюцца ўніверсітэты, каледжы, бізнэс-школы.

У катэгорыі стартапаў існуюць экасістэмы іх развіцця, уключна з конкурсамі, мітапамі, акселерацыйныя праграмы, ментарскія сесіі. Вельмі шмат увагі надзяляецца менавіта перадачы досведу ад паспяховых бізнэсоўцаў да пачаткоўцаў.

У якім варыянце мадэль заходняй бізнэс-адукацыі магла б прыжыцца ў нас?

Па маім перакананні, у такім самым, як і на Захадзе. Зараз пайшла тэндэнцыя інтэграцыі нашых бізнэс-школаў у сусветную адукацыйную прастору, распрацоўка крытэраў і стандартаў навучання, уключэнне ў глабальную рэйтынгавую сістэму.

Беларуская экасітэма стартапаў і падтрымкі прадпрымальніцтва пачала актыўна развівацца пракладна 5 гадоў таму, і яна толькі фармуецца. Сёння існуе безліч конкурсаў бізнэс-праектаў, такія як Venture Day, Invest and Startup Weekend, праект “Мой бізнэс” на АНТ, Sosial Weekend, конкурс прадпрымальніцкіх ідэй ад бізнэс-школы ІПМ, рэспубліканскі конкурс прадпрымальніцкіх праектаў, 100 ідэй для Беларусі. Гэта магчымасць прадэманстраваць сябе, каманду і праект, атрымаць фідбэк, усталяваць карысныя кантакты, пагутарыць з экспертамі і, магчыма, нават з інвестарамі.

Галоўны ж вынік удзелу ў такіх праектах – матывацыя і акрэслены вектар для далейшага развіцця, карысныя кантакты.

Карысна таксама ўдзельнічаць у хакатонах, у межах якіх цягам кароткага перыяду (як правіла, 1-3 дні) можна прайсці шлях ад ідэі да больш-менш жыццяздольнага выніку. Ён знаходзіцца ў сферы пашырэння сеткі кантактаў, ацэнкі ідэі, магчыма, стварэння каманды. Напрыклад, напрыканцы красавіка пройдзе Clean&Health Tech Hackathon – туды варта завітаць. Перыядычна здараюцца хакатоны ў супрацы з гульцамі стартап-рынку іншых краінаў, напрыклад, Startup Sauna.

Дзе можна павучыцца бізнэсу і заглыбіцца ў гэтае асяроддзе ў нас?

Атрымаць больш сістэмныя веды, прасунуцца далей у развіцці сябе як прафесіянала можна ў праектах доўгатэрміновых адукацыйных праграм. Напрыклад, можна глядзець у бок Tech Minsk, Талака.Школы, звязанай з сацыяльным прадпрымальніцтвам, праграм праекту “Бізнэс-Маладосць”. Шэраг адукацыйных курсаў і праграм у анлайне можна знайсці на платформе Coursera і наогул шмат дзе.

Навуку кіравання можна спасцігаць як у сцянах фармальных адукацыйных устаноў (бізнес-школа ІПМ, XXI век кансалт, ІБМТ БГУ, бізнэс-школа EMAS ды іншыя), так і на больш нефармальных адукацыйных праграмах – “Расці”, ШУМ.

Хацеў бы адзначыць, каб нікога не пакрыўдзіць, што мой погляд не прэтэндуе на безумоўную ісціну. Існуюць іншыя магчымасці развіваць сябе. Як я ўжо казаў, важна быць адкрытым, вызначыць для сябе мэты развіцця і актыўна адсочваць, шукаць адукацыйныя магчымасці.

З чаго можна пачаць, калі жадаеш заняцца сваёй справай?

Важна заглыбіцца ў гэтае асяроддзе, прыгнуць у раку. Я так і зрабіў некалькі гадоў таму, здаецца, не патануў, барахтаюся яшчэ. Іншымі словамі, уявіце слоік з гуркамі, і што будзе, калі ў яго трапіць новы, несалёны.

Пакідаючы алегорыі ў баку, скажу, магчыма, банальную рэч – галоўнае пачаць. Далей пры дапамозе рацыянальных суадносінаў практыкі і тэорыі – рухацца наперад. Дарэчы, ёсць шэраг кніг, якія дапамогуць як аснова, тэорыя. Рэкамендую кнігі Тарасава, Фрыдмана, Адзізіса, Форда, Манна, Кенэдзі, Чалдзіні, Рыда, а таксама кнігі па тэматычных накірунках: перагаворы, маркетынг, прадажы, лідарства. У галіне стартапаў ёсць свае “маст рыд” – “Стартап” Кавасакі, “Lean Startup” Райса, “Стартап без бюджэту” і шмат іншых.

А як дзелавыя гульні ўплываюць на развіццё прадпрымальніцкіх расткоў у чалавеку?

Гульні – вельмі распаўсюджаны і эфектыўны спосаб навучання, які, дарэчы, выкарыстоўваецца не толькі ў людзей… Дзелавыя гульні як накірунак могуць без рызыкі натрэніраваць у прымяненні новых ведаў, дазваляюць атрымаць хуткую зваротную сувязь. Карысна паўдзельнічаць не толькі самому, але і запрасіць партнёраў ды паназіраць за іх мадэллю паводзінаў: вельмі цікавыя рэчы адкрываюцца часам. Галоўнае слова пры гэтым – без рызыкі, то бок сітуацыя мадэлюецца, яна віртуальная, але досвед атрымоўваецца рэальным. Умова атрымання выніку – аналіз гульні, высновы на будучыню.

У Беларусі ёсць цэлыя клубы дзелавых гульняў, якія праводзяць, напрыклад, сімуляцыі “Грашовы паток”. Ці для развіцця мэнэджарскіх навыкаў існуе тэхналогія талінскай школы мэнэджараў “Кіраўніцкі паядынак”, патрэніравацца можна ў аднайменным клубе, які ладзіць рэгулярныя заняткі ў Мінску. Ёсць Case-клубы (выпрацоўка і аналіз рашэння канкрэтнай бізнэс-сітуацыі), клубы дэбатаў (можна пракоцаць навык перамоваў). Таксама час ад часу бачу анонсы трэнінгаў, у якіх выкарыстоўваюць гульневыя методыкі.

Такое мерапрыемства, як Ліпень. PRO, якое ты ладзіў, што можа даць удзельнікам?

Адразу заўважу, што такіх імпрэз у Беларусі ладзіцца дастаткова шмат. Магу агучыць прыклад Probuisness’а. Кожную восень праходзіць Тыдзень прадпрымальніцтва, форумы пра бізнэс у інтэрнэце “Деловой интернет” і “Тыдзень байнэту”, моладзевы бізнэс-форум “Лiпень.PRO”.

Апошняе вылучаецца тым, што людзі на два дні выязджаюць з гораду і ў рэжыме нон-стоп знаёмяцца, навучаюцца, адпачываюць. Тут усе роўныя, можна проста падысці да такіх вядомых людзей, як Юрый Зісер, Сяргей Мето, Уладзімір Савёнак, Сяргей Капусцін, Аляксандр Самойлаў, задаць пытанне, абмеркаваць нешта. Такі фармат дазваляе пераключыцца са штодзённасці, узбадзёрыцца і напоўніцу пагутарыць на розныя тэмы. Але ёсць і іншы профіт – некаторыя ўдзельнікі распавядалі нам, што пачалі свой стартап-праект, хаця раней не адважваліся. Хтосьці набыў больш упэўненасці ў сабе і атрымаў павышэнне на працы, нехта вызначыўся з галіной далейшага прафесійнага развіцця.

Але галоўнае – гэта новыя знаёмствы, зарад матывацыі, магчыма, партнёрства і задзелу на будучыню.

Тут я хацеў бы адзначыць і іншы бок для тых, хто хацеў бы рэалізаваць уласны праект. На шчасце, добрыя ідэі не застаюцца без падтрымкі. У Беларусі існуюць арганізацыі, якія могуць дапамагчы, у тым ліку фінансава. “Лiпень.PRO”, напрыклад, адбыўся дзякуючы падтрымцы фундацыі “Еўразія” за кошт сродкаў Агенцыі ЗША па міжнародным развіцці (USAID).

Які імпульс надае маладым бізнэсоўцам-пачаткоўцам нефармальная адукацыя?

Часам менавіта нефармальная адукацыя (пад гэтым паняткам я маю на ўвазе адукацыю, дзе няма жорстка стандартызаванай праграмы, не выдаецца дыплом афіцыйнага ўзору, няма іспытаў, якія лёгка адаптуюцца пад патрэбы тых, хто навучаецца) – адзіны спосаб для прадпрымальніка-пачаткоўца атрымаць веды, сфармаваць уменні, без якіх цяжка рабіць бізнэс. Бо не сакрэт, што фармальныя праграмы каштуюць вельмі дорага.

Такі від адукацыі можа даць адказы на пытанні ў патрэбны момант, галоўнае – быць гатовым іх задаць. А яшчэ важней – прыняць, усвядоміць і пакаштаваць на справе. А ў галаве трымаць, што мастацтва кіраваць і весці бізнэс – дарога ў адзін канец. І спыняцца надоўга на ёй нельга.

Наколькі важна быць у тусоўцы людзей-аднадумцаў?

Стасункі з людзьмі – гэта таксама частка нефармальнай адукацыі, простая і даступная для кожнага. Іх эфектыўнасць складана пераацаніць. Тут будзе дарэчным узгадаць праект “Патрэбныя сувязі” – сустрэчы, накіраваныя на атрыманне новых дзелавых кантактаў. Карацей, выкарыстоўвайце кожную магчымасць, адкрывайце сябе свету, каб атрымаць чарговы урок. І памятайце пра слоік з агуркамі.

Паводле партала "Адукция" . Аўтар: